Беларуская лiтаратура > ДЗЯДЫ — ВЫТОКI КОЖНАГА НАРОДА |
Продкамi не грэбуйце нiколi,
Бо яны жыццём сваiм, крывёю Здабывалi i зямлю, i волю. Э. Валасевiч Дзень памяцi продкаў у народзе называюць дзядамi. Гэты народны памiнальны абрад паходзiць ад дахрысцiянскага ўсходнеславянскага звычаю трызны i спраўляецца чатыры разы на год (перад Змiтравым днём, на радаўнiцу, перад масленiцай i сёмухай). Лiчыцца, што ў гэты дзень душы памёршых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваiх нашчадкаў, радуючыся за iх поспехi i сумуючы, калi ў хаце штосьцi робiцца не так. Таму на дзяды гатавалi святочныя i абрадавыя стравы, запальвалi свечкi, успамiналi добрым словам памёршых дзядоў i прадзедаў, клiкалi на вячэру, паклаўшы для iх на асобныя талеркi куццю. А цi помнiм мы сваiх дзядоў-прадзедаў? Цi можам адшукаць свае каранi ў радаводным дрэве Беларусi? Такое пытанне ў адным з вершаў задае Р. Барадулiн: Дзе каранi твае, Адкуль твой род пачаўся, Цi з прыцемкаў быцця, - Цi з цемры небыцця... Наш сучаснiк наўрад цi можа адказаць на гэта пытанне. Добра, калi ён прыгадае прозвiшча i iмя дзеда цi прадзеда. Радавод, на жаль, гэтым заканчваецца. Падкрэслiваючы кароткую радаводную памяць нашых сучаснiкаў, А. Русецкi пiша: Я - мужыцкi сын, i радаслоўная анiдзе не значыцца мая, дзед i прадзед, а далей замглёная далячынь - стагоддзяў акiян. Гэтую ж думку пацвярджае i В. Вiтка ў вершы "Спадчына": Адтуль вяду я свой жыццёвы след I радаслоўную пiшу спачаткў, Бо на той свет з сабою цемнiк-дзед Забраў i герб фамiльны, i пячатку. Калi ж прасачыць гiсторыю Беларусi, то ў ёй можна без цяжкасцей адшукаць такiя славутыя постацi, як князь Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасiння Полацкая, Кiрыла Тураўскi. Пажаўцелыя старонкi летапiсаў уваскрашаюць смелыя i адважныя ўчынкi чараўнiка князя Усяслава, у час кiравання якога полацкая дзяржава дасягнула найвышэйшага росквiту; дзейнасць нябеснай заступнiцы Беларусi Ефрасiннi Полацкай, па заказе якой была пабудавана сусветна вядомая царква Спаса i створаны крыж - шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва; творчы запал славутага пiсьменнiка, мастака, прапаведнiка Кiрылы Тураўскага. Эпоху Адраджэння нельга ўявiць без першаасветнiка, друкара, рэфарматара мовы, лекара i батанiка Францiшка Скарыны, багатая спадчына якога i сёння служыць iдэi нацыянальнага адраджэння. Яркiм прыкладам служэння Айчыне з'яўляюцца жыццё i дзейнасць Льва Сапегi, Мiколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васiля Цяпiнскага, Лявонцiя Карповiча, Лаўрэнцiя Зiзанiя. Нязгасныя iмёны Кастуся Калiноўскага, Францiшка Багушэвiча, Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча складаюць гонар i славу нашага народа. Выдатныя пiсьменнiкi, дзяржаўныя дзеячы, змагары за свабоду i незалежнасць Беларусi сеялi на зямлi зярняты вечнага дабра i праўды, паказвалi ўзоры мужнасцi i самаахвярнасцi. Нагадваем гэтыя iмёны, i гордасцю поўнiцца сэрца. Значыць, мы "не без роду, без племенi", значыць ёсць у нас спадчына, багатая, цiкавая i разнастайная. Падкрэслiваючы гэта, народны паэт Беларусi Н. Гiлевiч сцвярджае: Мы ўзышлi не з насення, што ветрам занесена, Мы не дзiкай травы самарослыя парасткi. У глыбiнях зямлi, гераiчнай i песеннай, Нашых душ каранi — з вузялкамi ўпартасцi. На дзяды памiнаюцца i нашы далёкiя продкi, i трагiчныя фiгуры сталiнскiх рэпрэсiй 30-х гг., i загiнуўшыя ў гады ваенных лiхалеццяў, i нашы блiзкiя, родныя. У кожным з нас павiнна жыць памяць аб iх светлых вобразах. Не павiнна забыцца, сцерцiся з памяцi i бацькоўская вера, матчына мова, народныя звычаi, традыцыi. Без ведання гiстарычнага мiнулага не можа быць нi сучаснасцi, нi будучынi. Мiнулае - гэта каранi нашага тысячагадовага радавога дрэва. Не будзе каранёў - загiне дрэва, не застанецца ў будучым i памяцi пра нас. I таму трэба ахоўваць, берагчы не толькi радаводнае дрэва, але i кожную яго галiну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкiх продкаў, павiнна вечна шумець сакавiтым лiсцем. |