[Index'99]
Have You Smiled At Any Body Today

 Беларуская лiтаратура > ПАДЗЕI I ФАКТЫ БЕЛАРУСКАЙ ГIСТОРЫI Ў "СЛОВЕ ПРА ПАХОД IГАРАЎ"


Выдатным помнiкам старажытнай лiтаратуры з'яўляецца "Слова пра паход Iгараў", напiсанае невядомым аўтарам у 1185-1187 гг. Галоўная iдэя твора - заклiк да аб'яднання князёў, спынення iмi мiжусобных войнаў. Матэрыялам для "Слова" паслужылi сапраўдныя гiстарычныя падзеi: няўдалы паход ноўгарад-северскага князя Iгара на полаўцаўу 1185 г. Наступленне пачалося ў час сонечнага зацьмення, якое, як прынята лiчыць, прадказвае дрэнны зыход пачатай справы. I сапраўды, выйграўшы першую бiтву, дружыны князя Iгара i яго брата Усевалада затым палеглi, а браты былi захоплены ў палон. Iх стрыечны брат, кiеўскi князь Святаслаў, у сваiм "залатым" слове папракае ваяводаў за неабдуманае выступленне, перажывае за паражэнне, асуджае iншых князёў за бяздзейнасць у справе абароны Айчыны, заклiкае iх да згоды, да вядзення барацьбы ў адзiнстве i згуртаванасцi. У "Слове" нагадваецца той далёкi час, калi ў Полацку валадарыў Усяслаў Чарадзей (яго княжанне лiчаць часам найвышэйшага росквiту i ўздыму Полацкага княства). Аўтар малюе князя як чараўнiка, якi, падобна казачным, былiнным героям, мог ператварацца ў ваўка, тура, сокала, нечакана знiкаць i зноў з'яўляцца ў самых розных мясцiнах Русi. Усяслаў паказаны шчырым i працавiтым князем, здольным i мудрым палкаводцам, чалавекам непакорнага духу i вялiкага розуму:

Усяслаў-князь людзям чынiў суды,
Радзiў князям гарады,
А сам уночы ваўком рыскаў,
3 Кiева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялiкаму шлях перацiнаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
У званы святое Сафii,
А ён той звон чуе ў Кiеве.

Аўтар "Слова" з болем i горыччу апiсвае бiтву на Нямiзе 3 сакавiка 1067 г., у якой шмат палачан "паклалi жываты свае ў сечы, душы жамчужныя аддалi Богу":

На Нямiзе галовы сцелюць снапамi,
харалужнымi малоцяць цапамi,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць душу ад цела.
Нямiгi крывавыя берагi
не збожжам былi засеяны зноў -
засеяны косцьмi рускiх сыноў.

Пасля бiтвы на Нямiзе сыны Яраслава Мудрага падманным шляхам паланiлi Усяслава: былы полацкi валадар быў кiнуты ў цямнiцу. Аднак праз год кiяўляне вызвалiлi яго з няволi, абвясцiўшы вялiкiм князем кiеўскiм. I хоць толькi сем месяцаў кiраваў Усяслаў Руссю, але народ, як сцвярджае аўтар "Слова", доўга памятаў справядлiвае i мудрае княжанне свайго абраннiка. "Слова пра паход Iгараў" цесна звязана з вуснай народнай творчасцю. Так, плач жонкi Iгара Яраслаўны нагадвае народнае галашэнне. У iм выяўляецца не толькi асабiстае гора жанчыны, але i трагiчны лёс роднай зямлi i народа. Прырода, надзеленая чалавечымi якасцямi, быццам пачула просьбу Яраслаўны i дапамагла Iгару ўцячы з палону i вярнуцца ў Кiеў. Шматлiкiя параўнаннi, метафары, эпiтэты, сiмвалы i паэтычныя звароты надаюць твору ўзнёсласць, урачыстасць (светлае сонца, ясныя сокалы, чорныя вораны, залатое аплечча, жамчужная душа, сярэбраная сiвiзна, паляцець зязюлькай, сiнiм воблакам ахiнуцца, развеяць весялосць па кавылi i iнш.). "Слова пра паход Iгараў", адкрытае ў пачатку 90-х гг. XVIII ст. гiсторыкам А. Мусiным-Пушкiным, было апублiкавана ў 1800 г. Мастацкай дасканаласцю, багаццем вобразаў, музычнасцю мовы яно натхнiла паэтаў, кампазiтараў, мастакоў на стварэнне новых твораў на гэтую тэму (опера "Князь Iгар" А. Барадзiна, карцiны М. Рэрыха, В. Васняцова). "Слова" перакладалi А. Пушкiн, Т. Шаўчэнка, А. Мiцкевiч i iнш, Першыя пераклады на беларускую мову былi зроблены М. Багдановiчам (1910 г., урывак), Я. Купалам (празаiчны ў 1919 г., вершаваны ў 1921 г.), М. Гарэцкiм (1922 г.). У наш час перакладам выдатнага твора займалiся Р. Барадулiн, I. Чыгрынаў, В. Дарашэвiч, Я. Крупенька.


© Speaker design 2002