Беларуская лiтаратура > ПАЛЕМIЧНАЯ ЛIТАРАТУРА (КАНЕЦ ХVI-ПАЧАТАК XVII ст.) |
Да палемiчнай лiтаратуры адносяцца памфлеты, звароты, адкрытыя лiсты, трактаты, адозвы i iншыя вiды творчасцi, тэматычна звязаныя з актывiзацыяй палемiкi вакол пытання пра аб'яднанне царквы i касцёла пад вяршынствам папы рымскага, так званай iдэi унii.
Лiтаратурная палемiка пачалася пасля выхаду кнiгi Бенядзiкта Гербеста "Указанне шляху", у якой ставiлася пытанне аб неабходнасцi царкоўнай унii з Рымам у iнтарэсах праваслаўнай царквы Вялiкага княства Лiтоўскага. Гэту iдэю падхапiў i развiў вядомы рэлiгiйны i палiтычны дзеяч Пётр Скарга, якi iмкнуўся даказаць, што сапраўднае веравызнанне iдзе ад рымска-каталiцкай царквы — пераемнiцы i носьбiта апостальскiх традыцый. Адказам на выказваннi П. Скаргi сталi ананiмныя творы "Пасланне да латын з iх жа кнiг", "На багамерзкую на паганую лацiну", шматлiкiя памфлеты. Iх аўтары выступалi ў абарону праваслаўнай царквы, узнiмалi вострыя сацыяльныя праблемы таго часу, праяўлялi заклапочанасць жыццём селянiна, выказвалiся за права народа мець свае погляды ў пытаннях рэлiгii.
Актывiзацыя палемiчнай лiтаратуры пачалася пасля Брэсцкай унii 1596 г., паводле якой праваслаўная царква прызнала вяршэнства папы рымскага i прыняла сiмвал веры ў каталiцкiм разуменнi, але захавала сваю мову богаслужэння i сваю абраднасць. У абарону унii акрамя вышэй названага П. Скаргi выступiў сенатар Рэчы Паспалiтай Уладзiмiра-Брэсцкi епiскап Iпацiй Пацей. Ён таксама трактаваў унiю як праяўленне бескарыслiвай апекi папы рымскага над занядбалым праваслаўным людам.
Супраць унiяцтва паўсталi царкоўныя дзеячы Стэфан Зiзанiй, Хрыстафор Фiлалет i Лявонцiй Карповiч, якiя сцвярджалi, што унiя была абумоўлена своекарыслiвай палiтыкай католiкаў i вышэйшага праваслаўнага духавенства, iх мэтай было дамагчыся матэрыяльных выгод, рэлiгiйных прывiлеяў, палiтычных правоў. Апаненты унii падкрэслiвалi, што знявага iнтарэсаў праваслаўнай апазiцыi можа прывесцi да класавага антаганiзму, адстойвалi традыцыi i культурныя дасягненнi ўсходнеславянскiх народаў.
Адным з яркiх прадстаўнiкоў палемiчнай лiтаратуры з'яўляўся грамадска-палiтычны i царкоўны дзеяч Мялецiй Сматрыцкi (аўтар вядомых твораў "Антыграфi', "Трэнас, альбо Плач святой усходняй царквы", "Грамматики славенския правилное синтагма" i iнш.), якi пад нацiскам жыццёвых абставiн прайшоў складаны шлях ад прызнання i абароны праваслаўя да яго адмаўлення. Прадстаўнiком апошняга этапу ў развiццi палемiчнай лiтаратуры быў Афанасiй Фiлiповiч — змагар, барацьбiт, непахiсны абаронца нацыянальных i рэлiгiйных правоў беларускага народа, аўтар вядомага "Дыярыуша".
У жанравых адносiнах "Дыярыуш" — сiнкрэтычны твор, якi спалучае рысы i асаблiвасцi публiцыстычна-палемiчнай, гiсторыка-мемуарнай i дакументальнай лiтаратуры. У склад яго ўвайшлi дарожныя i тлумачальныя запiскi, успамiны i дзённiкi, легенды, мiстычныя прывiды i бачаннi, пасланнi, лiсты, выкрывальныя прамовы, памфлеты, фiласофскiя трактаты, аўтабiяграфiчны нарыс, а таксама вершы i нотныя запiсы музыкi да iх. Са старонак "Дыярыуша" паўстае праўдзiвы змагар, барацьбiт, ваяўнiчы абаронца роднага краю, яго святы пакутнiк. Ён выступае супраць пануючых у дзяржаве каталiцкай i унiяцкай цэркваў, знешняй i ўнутранай палiтыкi Рэчы Паспалiтай, якая, блаславiўшы "праклятую унiю", зрабiла ворагамi, сутыкнула "в князствах, поветах, в местах, в местечках и в селах селян з селянамн, мешчан з мешчанами, жолнеров з жолнерами, панов з поддаными, родичов з детками, духовных з духовными". "Дыярыуш" з'яўляецца адным з найбольш яркiх i значных помнiкаў палемiчнай лiтаратуры XVII ст., у якiм праўдзiва адлюстравалася барацьба беларускага народа за свае нацыянальныя i рэлiгiйныя правы, звычаi, традыцыi i культуру.
|