[Index'99]
Have You Smiled At Any Body Today

 Беларуская лiтаратура > "КАБ ЗБЫЦЬ НЯВОЛI ПУТЫ..." (ДЗЕЙНАСЦЬ ФIЛАМАТАЎ I ФIЛАРЭТАЎ)


Ты нас вярнi з выгнання на зямлю Айчыны.
Перанясi душу маю адсюль з чужыны,
Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных,
Над сiнiм Нёманам раскiнутых, прымглёных,
Да тых палёў, размаляваных пад блакiтам
Пшанiцай залатой ды серабрыстым жытам.
А. Мiцкевiч

Дзейнасць фiламатаў i фiларэтаў — тайных студэнцкiх таварыстваў з'яўляецца надзвычай важнай старонкай у гiсторыi беларускай лiтаратуры i нацыянальнага адраджэння. Гэта былi таленавiтыя, рамантычна ўзнёслыя юнакi, бязмерна адданыя сваёй Айчыне, ахопленыя прагай да асветы. Таварыства фiламатаў было створана восенню 1817 г. у Вiленскiм унiверсiтэце па iнiцыятыве студэнтаў Тамаша Зана i Адама Мiцкевiча. Мэта таварыства — творчае ўдасканаленне юнакоў, узаемадапамога ў набыццi i паглыбленнi ведаў, садзейнiчанне ўсеагульнай "асвеце", вывучэнне гiсторыi роднага краю, вуснапаэтычнай народнай творчасцi. На пасяджэннях арганiзацыi слухалiся i абмяркоўвалiся навуковыя даклады i рэфераты на самыя разнастайныя тэмы, а таксама ўласныя мастацкiя творы. Даволi часта фiламаты наладжвалi маёўкi, розныя святкаваннi (асаблiва днi нараджэння). Для такiх мерапрыемстваў складалiся цэлыя сцэнарыi, у якiх выкарыстоўвалiся ўласныя вершы, народныя песнi, музычныя творы. Асаблiва папулярнымi на гэтых урачыстасцях былi iмянныя вiтаннi Яна Чачота, прысвечаныя сябрам-фiламатам i складзеныя па ўзоры беларускiх народных песень. З мэтай пашырэння адукацыi народа фiламаты рыхтавалi да друку падручнiкi, навуковыя энцыклапедыi, арганiзоўвалi школы. Францiшак Малеўскi, напрыклад, адкрыў школу для сялян у Шчорсах на Навагрудчыне. Для ажыццяўлення сваiх асветнiцкiх задач фiламаты стваралi свае адгалiнаваннi — больш масавыя арганiзацыi тыпу Саюза сяброў (браталюбцаў), Таварыства прамянiстых, Навуковага таварыства, Саюза маладых адвакатаў, Саюза айчынных натуралiстаў. Найбольш вядомым i прадстаўнiчым было Таварыства прамянiстых, асновай дзейнасцi якога была абвешчаная Тамашам Занам тэорыя прамянiстасцi. Згодна з ёй, прамянiстым можа быць той, хто iмкнецца стаць высокамаральным, духоўна багатым чалавекам, хто выпраменьвае святло i тым самым уздзейнiчае на iншых, духоўна i маральна ўдасканальвае iх. У 15 правiлах прамянiстых адзначалася, што важнейшымi крокамi на шляху да маральнага ўдасканалення чалавека з'яўляюцца "прыхiльнасць да айчыннай зямлi", веданне яе гiсторыi, захаванне традыцый i звычаяў сваiх бацькоў, iх мовы, гатоўнасць да самаахвярнасцi дзеля выратавання айчыны i iнш. Масавасць Таварыства прамянiстых напалохала унiверсiтэцкае кiраўнiцтва, i ў канцы мая 1820 г. па загадзе рэктара Сымона Малеўскага яно было распушчана. Замест прамянiстых фiламаты стварылi тайнае таварыства фiларэтаў (прыхiльнiкаў маральнай чысцiнi). Таварыства фiларэтаў, старшынёй якога з'яўляўся Тамаш Зан, мела 4 аддзелы (адпаведна факультэтам унiверсiтэта): матэматычна-фiзiчны, юрыдычны, лiтаратурны, медыцынскi. Сваёй мэтай аб'яднанне лiчыла не толькi маральнае ўдасканаленне чалавека, але i вырашэнне разнастайных культурна-асветнiцкiх i палiтычных задач. У 1823 г. дзейнасць фiламатаў i фiларэтаў была выкрыта. Доўгiя месяцы iшло следства. Прысуд быў жорсткi: 10 фiламатаў i 10 фiларэтаў, сярод якiх Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Мiцкевiч, Юзаф Яжоўскi, Францiшак Малеўскi, Адам Сузiн, Мiкалай Казлоўскi, Ян Крынiцкi, былi высланы з Лiтвы ў аддаленыя губернi Расii. Тамашу Зану, Яну Чачоту i Адаму Сузiну ў дадатак было прысуджана зняволенне ў крэпасцi. Над 80 фiламатамi i фiларэтамi быў замацаваны пiльны палiцэйскi нагляд. Жорстка караючы маладых людзей за iх вальнадумства, царскi ўрад iмкнуўся вынiшчыць беларускi нацыянальны дух з перадавой навучальнай установы. Аднак ён не змог пагасiць высокiх пачуццяў i шчырых парываў студэнтаў, скарыць моц i незалежнасць iх духу. Параскiданыя па свеце, фiламаты i фiларэты засталiся вернымi сваiм юнацкiм iдэалам, якiя натхнялi iх на высакародныя дзеi i патрыятычныя ўчынкi, дапамагалi выстаяць у самых складаных жыццёвых сiтуацыях, ажыццявiць задуманае.


© Speaker design 2002