[Index'99]
Have You Smiled At Any Body Today

 Беларуская лiтаратура > ТЭМА РЭВАЛЮЦЫІ Ў АПАВЯДАННІ ЦЁТКІ "ПРЫСЯГА НАД КРЫВАВЫМІ РАЗОРАМІ


На золаку XX ст., калі Расію ўскалыхнулі хвалі першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, на Беларусі цвёрда і ўпэўнена, паэтычна натхнёна загучаў голас Цёткі. Паэтэса-рэвалюцыянерка, асветніца, рэдактар, настаўніца, публіцыст, вучоны, медыцынскі работнік — такую жанчыну падарыла беларускаму народу эпоха рэвалюцыйных бітваў. Цётка быццам знарок была народжана для такога бурлівага часу, які стаў для яе творчасці зорным. Паэтэса адкрывае новую старонку ў беларускай літаратуры — старонку мужнасці і барацьбы. Талент палымянай рэвалюцыянеркі выявіўся не толькі ў паэзіі, але і прозе (пераважна ў жанры апавядання). Першым празаічным творам Цёткі з'яўляецца алегарычнае апавяданне "Прысяга над крывавымі разорамі". Гэта невялічкая замалёўка з жыцця беднага і гаротнага селяніна Мацея нагадвае пракламацыю з выразна акрэсленай рэвалюцыйнай ідэяй — патрабаваннем права на зямлю і волю. Экспазіцыя апавядання даволі лаканічная. Стары, слабы, змучаны цяжкай працай і нястачай Мацей павінен працаваць на полі, бо болей няма каму. Тры сыны Мацея разляцеліся, як птушкі, па свеце: адзін наняўся парабкам, другі стаў рабочым, трэцяга забралі ў войска. І прыходзіцца старому чалавеку, хвораму і нямогламу, апрацоўваць сваю зямлю самому. А яшчэ ж трэба адправіць доўг: "Мардасовічу — за лён, Бізуноўскаму — за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках". Змарыўся Мацей, прылёг адпачыць і заснуў. І сніцца яму, што на яго палосцы "сабралася моц народу" (і маладыя, і старыя, і мужчыны, і жанчыны, і дзеці) і ўсе крычаць: "Вузка! Цесна! Мала!". Беднякі з натоўпу ставяць пытанне: "А скуль узяць? Скуль дастаць?". І ў адказ ім чуюцца галасы: "Глядзіце, во пра'сторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта наша!". Сусед жа Мацея Астап запалохвае: "Не дадуць: то казённае, дворнае, — ні я, ні вы не маеце права... Не дадуць, паб'юць...". Сярод натоўпу бачыць Мацей і трох сваіх сыноў, якія становяцца на калені і прысягаюць: "Мы дамо! Мы — сіла! Мы — праваі". Тры браты, якія сімвалізуюць адзінства рабочых, сялян і салдат, здольны дабіцца свабоды свайму народу, даць зямлю беззямельным. Сон Мацея — не проста яго спрадвечная мара аб зямлі, не проста яго гора і боль, а папярэджанне аб вялікай крыві, якая пральецца на гэтай зямлі. Апавяданне заканчваецца сімвалічна: "Разоры стаяць поўны крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваныя далоні...". Цётка паказвае гэтым, што дарагой цаной прыйдзецца плаціць за зямлю і волю, што гэта барацьба патрабуе адзінства і згуртаванасці. Гісторыя пацвердзіла гэта. Змест твора супадае з сённяшнімі рэаліямі. Нам, беларусам, адзінства і згуртаванасць неабходны, як сонца і паветра. Любую бяду лягчэй пераносіць разам. Ніхто не дапаможа нам у вырашэнні сацыяльных, эканамічных, экалагічных праблем, калі мы самі, усе разам, не дапаможам сабе. Прыйдзе час, і разоры гісторыі запоўняцца новым сэнсам. І не кроў і слёзы будуць сімвалізаваць гэты час, а ўрадлівая ніва, каласы якой будуць згінацца пад цяжарам зерня.


© Speaker design 2002