Беларуская лiтаратура > МАТЫВЫ ТРАГІЗМУ Ў ДРАМАТЫЧНЫХ ПАЭМАХ ЯНКІ КУПАЛЫ "АДВЕЧНАЯ ПЕСНЯ" І "СОН НА КУРГАНЕ" |
У драматычных паэмах Янкі Купалы "Адвечная песня" і "Сон на кургане" ў найболып канцэнтраваным вы-глядзе выявіліся элементы трагічнага: трагедыя духоўна актыўнай і крытычна думаючай асобы, адчужэнне паміж героем і народам, супярэчлівы разлад мары з жыццём, жорсткасць рэчаіснасці, здольнай забіць у чалавеку ўсё чалавечае.
Паэма "Адвечная песня" ў структурным плане складаецца з 12 раздзелаў-праяў, якія даволі поўна раскрываюць жыццё чалавека ад нараджэння да смерці. На хрэсьбіны сялянскага сына злятаюцца цені Жыцця, Долі, Бяды, Холаду і Голаду, якія даюць хлопчыку імя Мужык. Цень Жыцця прарочыць нованароджанаму, што ён стане царом прыроды:
Пад уладай сваёй будзе меці Як ёсць усё чыста на свеце; Ён будзе ўсіх чыста дужэй, Ён будзе ўсіх чыста мудрэй. І рэкі, і долы, і горы Яго будуць слухаць з пакорай. На самой жа справе лёс чалавека склаўся інакш. Мужык становіцца не царом, а пакутнікам, ахвярай варожых сацыяльных сіл, якія зрабілі яго гаротным, цёмным і бяспраўным. У пошуках кавалка хлеба герой твора ўладкоўваецца на працу ў лесе і там гіне пад спілаванай ім жа сасной. У апошняй сцэне над магілай узнімаецца цень Мужыка, якому хочацца даведацца аб падзеях, што адбыліся пасля яго смерці. Але яго зноў чакае расчараванне: няма "сцежкі к прасвету", усё "чахне без сіл". У такой сітуацыі для Мужыка лепш быць у магіле, чым жыць. І таму ён усклікае: "Раскрыйся нанова магіла: страшней цябе людзі і свет". У паэме, такім чынам, асуджаецца тагачасная рэчаіснасць, дзе чалавеку лепш памерці, чым цягнуць ярмо адвечнай пакуты і прадаўжаць спрадвечна-трагічны кругазварот жыцця. Галоўным героем паэмы "Сон на кургане" з'яўляецца Сам — рамантычна настроены праўдашукальнік, бунтар-адзіночка, які хоча змяніць, перайначыць жыццё, але не ведае канкрэтных шляхоў да здзяйснення намечанага: "хаджу і блуджу я ўжо колькі гадзін, і, дзе ні ступлю я, не бачу пуцін". Згубіўшы ў лесе дарогу, ён прылёг на кургане. Вакол яго сабраліся русалкі і ў фантастычна-казачным плане паказалі "казку долі" яго. Гэта казка — страшны сон, сімвал безвыходнасці, бездапаможнасці ў барацьбе. Дарэмнымі аказаліся яго імкненні знайсці ў руінах старога замка скарбы. Вакол Сама — змрочныя варожыя сілы (увасабленне рэакцыі), ахвярай якіх ён становіцца. Дзеянне ў паэме паступова пераходзіць у рэальнае жыццё. Сам накіроўваецца ў родную вёску, дзе здараецца пажар. Ён бег ратаваць ахопленую пажарам вёску, але яго абвінавацілі ў падпале; па сведчанні аднавяскоўцаў, Сам быццам бы бег са смолкай, саломай і сякерай з мэтай падпаліць вёску. Безумоўна, пажар — алегарычны вобраз рэвалюцыі 1905 г. Далейшае жыццё Сама яшчэ больш трагічнае: за рэвалюцыйную дзейнасць ён трапляе ў турму і Сібір, памірае яго жонка, а сын, здрадзіўшы бацькоўскаму запавету, перакідваецца ў варожы стан. На прыкладзе Сама Я. Купала хацеў паказаць не толькі асабістую драму рэвалюцыянера-адраджэнца, але і цяжкі, пакутлівы шлях беларускага народа да свайго самавызначэння, да найвялікшага скарбу — свабоды і незалежнасці. Паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня" і "Сон на кургане" насычаны ўмоўнымі персанажамі, дэманічнымі і міфічнымі фігурамі. Праз сімвалічныя і фантастычныя карціны паэт паказвае тыпова рамантычную, пазбаўленую гістарычнай канкрэтнасці карціну жыцця ў буржуазным грамадстве з яго бесчалавечнымі, варожымі законамі і парадкамі. |