Беларуская лiтаратура > ТЭМА ПАЭТА І ПАЭЗІІ Ў ТВОРЧАСЦІ ЯНКІ КУПАЛЫ |
Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Я. Купала Практычна ў кожнага паэта і пісьменніка ёсць творы, у якіх выяўляюцца іх погляды на прызначэнне мастака і мастацтва, выказваюцца думкі пра адказную місію паэта быць для народа прарокам, званаром, гусляром... Тэма паэта і паэзіі займае значнае месца і ў творчасці Янкі Купалы. У адным з ранніх вершаў "Я не паэта" Я. Купала з жалем зазначае, што ў Беларусі, у параўнанні з іншымі краінамі, пакуль што мала паэтаў, якія б на мове "пагарджанай, убогай" стваралі праўдзівыя творы аб жыцці народа: А беларусы нікога ж не маюць, Няхай жа хоць будзе Янка Купала. Быць выразнікам дум і спадзяванняў народа, змагаром за яго лепшае будучае — справа нялёгкая. І ў вершы "Я не для вас..." Я. Купала сцвярджае думку, што сапраўдны паэт павінен служыць людзям працы, што яго песня, талент і сэрца павінны належаць "бедным і загнаным": Я не для вас, паны, о не, А я для бедных і загнаных, Я з імі мучуся ўраўне, Ў адных закут з імі кайданах... Догляды Я. Купалы на прызначэнне паэта і паэзіі выяўляюцца ў вершах "3 кутка жаданняў", "3 маіх песень", "Не кляніце мяне" і інш. Сваё пяснярскае прызнанне паэт бачыць у служэнні бацькаўшчыне, у праўдзівым паказе народнага жыцця. Грамадзянскі абавязак паэта — шукаць тыя шляхі-дарогі, якія б прывялі народ "к яснаму сонцу", "к славе". У вершы "3 кутка жаданняў" Я. Купала гаворыць, што ён не жадае гучнай славы. Галоўнае для яго — быць праўдзівым выразнікам дум мільёнаў працоўных людзей: 3 цэлым народам гутарку весці, Сэрца мільёнаў падслухаць біцця — Гэткай шукаю цэлы век чэсці, Гэта адно мне падпорай жыцця. Песню стварыці ясну, як неба, У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём... Працягам размовы пра месца паэта ў жыцці, пра сутнасць сапраўднай паэзіі з'явіліся вершы "Мая навука", "Трэба нам песень", "За ўсё". У вершы "Мая навука" Я. Купала сцвярджае, што жыццё народа ва ўсіх яго праявах было калыханкай, якая нарадзіла ў паэта самыя светлыя думкі. Песня паэта ўвабрала ў сябе шум адвечнага бору, шэпт спелых пшанічных каласоў, шэлест лісця ўзмежных ігруш і таропкі плюскат вод... Прызнаным майстрам мастацкага слова, на думку Я. Купалы, можа стаць толькі той творца, які ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Асновай і крыніцай творчасці для сапраўднага паэта павінны быць створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё людзей, родная мова, прырода. Толькі ў гэтым выпадку паэт можа стаць уладаром беларускай песні. Сваю ўдзячнасць народу за любоў да паэзіі, "за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот" выказвае пясняр у вершы "За ўсё". Ён з'яўляецца своеасаблівай справаздачай паэта аб дваццацігадовай творчай дзейнасці. Да гэтага часу яму было прысвоена званне народнага паэта, і Я. Купала, аглядаючыся на пройдзены шлях, піша, што свае песні складаў ён і "сярод крыжоў, магіл", пісаў не раз "крывёй з сваіх грудзей", заўсёды быў разам з народам, жыў яго думамі і надзеямі. Былі яго песні невясёлыя, калі бачыў, як зневажаецца мова беларусаў, топчацца іх годнасць. Былі і радасныя песні, калі бачыў паэт, што яго заклікі да лепшай долі, яго праўдзівыя словы былі пачуты людзьмі. Такім чынам, тэме паэта і паэзіі Я. Купала прысвяціў нямала твораў. Прачытаўшы іх, можна яскрава ўявіць паэта, адданага сына беларускага народа, тварыць для якога — значыць жыць для Бацькаўшчыны, быць непадзельна злітым з ёй, яе болем і радасцю, трывогамі і клопатамі, буднямі і святамі. |