Беларуская лiтаратура > ПАТРЫЯТЫЧНЫ ГІМН БЕЛАРУСІ ("ПАГОНЯ" М. БАГДАНОВІЧА) |
Яе так мусіць ашчаджаць і сёння адважны, годны, родны чалавек; усюды пад спрадвечнаю "Пагоняй" і наша ніва й песня ажыве. А. Русецкі У 1913 годзе Максім Багдановіч напісаў верш, якому было наканавана стаць патрыятычным гімнам нашай Бацькаўшчыны. Ён прысвечаны сімвалу адзінства нашай нацыі — старажытнаму гербу "Пагоня". У ім на лаканічнай мове геральдыкі адлюстравана ўся слаўная і мужная гісторыя беларускага народа. Упершыню пра гэты герб паведамляецца ў беларуска-літоўскім летапісе каля 1270 года. Старажытны славянскі сімвал, які першапачаткова ўзнік як княжацкі і гарадскі ў Наваградку, хутка стаў гербам Вялікага княства Літоўскага. Вось як хораша піша пра гэта М. Багдановіч: Ў белай пене праносяцца коні, — Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Пагоня невыпадкова набыла для нас, беларусаў, выключнае значэнне: на нашу зямлю часта прыходзілі нязваныя госці, несучы ёй ярмо і разбурэнне, сеючы смерць. Таму яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея існаваў такі звычай: пасля нападу ворагаў на паселішча ўсе мужчыны, што маглі трымаць зброю, павінны былі дагнаць ворага і паквітацца з ім за забітых супляменнікаў. Гэты звычай і меў назву пагоні. Штуршком, які натхніў паэта на напісанне твора, паслужыла выява "Пагоні", змешчаная на Вострай Браме ў Вільні: Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях. Коннікі імчацца з сівой даўніны на дапамогу сённяшняму беларусу, на барацьбу са здраднікамі, адшчапенцамі, з тымі, хто выракаецца сваёй Айчыны, цураецца роднай мовы: Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! — заклікае паэт вершнікаў. Сам вобраз узброенага конніка ўвасабляе нашых мужных і гераічных продкаў, якія крывёю і жыццём заплацілі за свабоду Радзімы. Некалькі дзесяткаў харугваў мелі на сваіх штандартах герб пагоні ў Грунвальдскай бітве, з пагоняй змагаліся яны супраць Маскоўскай арміі ў 1514 г. пад Оршай, сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы стала яна ў час паўстання 1863—64 гг. Заклікаючы да помсты адрачэнцам, паэт усё ж не выключае для іх магчымасці даравання. Але яго можна купіць толькі коштам уласнага жыцця. Лепш памерці за сваю Айчыну, чым быць яе ворагам — такая думка закладзена ў падтэкст наступных слоў, звернутых да Радзімы: Ты прабач.Ты прымі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь!.. У заключных радках свайго верша М. Багдановіч выказвае цвёрдую веру ў непераможнасць нацыянальнага духу, у светлую будучыню свайго народа: Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць. Так, у невялікім вершы паэт акумуляваў усё мінулае нашага народа, паказаў, якім шляхам павінна ісці Беларусь да сваёй светлай будучыні. Гэты твор нібы злучае ўсе мінулыя эпохі з нашым сённяшнім днём. Ён заклікае нас быць вернымі сынамі і дочкамі свайго народа, гнаць ворагаў прэч з роднай зямлі і ашчадна захоўваць тую спадчыну, якую пакінулі нам прашчуры і якую павінны мы перадаць сваім нашчадкам. |